Брытанская субота ў Магілёве (+Вiдэа)

 

У патасным клюбе “На Дубровке” – вечарына, прысьвечаная культавым Depeche Mode, у альтэрнатыўна-глямурнай “Кубе” – індзі-паці з удзелам пяці маладых беларускіх гуртоў. Крыху павагаўшыся, ідзем на “Востраў свабоды”.

 

Канцэрт адкрыла магілёўская каманда The Bends. Загучалі першыя песьні, і ўсе, хто хоць неяк знаёмы з творчасьцю ангельскага гурту Oasis, адразу заўважылі падабенства. Пацягацца з брытанцамі атрымалася слаба – матэрыял дастаткова сыры, але для “разагрэву” пойдзе.

 

White Boogie Boogie White
White Boogie Boogie White

 

Дэнсфло значна ажывіўся пасьля выхаду на сцэну гурту з “сымэтрычнай” назвай White Boogie Boogie White (Магілёў). Эксцэнтрычны вакаліст між словамі песьняў падбадзёрваў публіку, шмат рухаўся ды імкнуўся стварыць атмасфэру вясёлага хаосу, што яму зрэшты й удалося.

 


The Stampletons

 

Са зьяўленьнем The Stampletons у залі зноў загучалі сур’ёзныя ноты. Госьці зь Менску спрабавалі вярнуць усіх прысутных у 60-ыя гады. Гучала добрая музыка ў стылі Бітлз, якой, аднак, не хапала “разынкі”.

 


Yellow Brick Road

 

Узарваў ангельскі вечар гурт Yellow Brick Road (Менск). Лёгка, прафэсійна й сьмела музыкі перанесьлі слухачоў кудысьці ў лёнданскі клюб, прапанаваўшы добры рок-мікс. Разам з гуртом усе хутка ўскочылі на адну хвалю й гатовыя былі яе не пакідаць яшчэ не адну гадзіну.

 

 

І нарэшце Akute. Магілёўская школа року. Шмат хто прыйшоў на канцэрт менавіта дзеля гэтага гурту, побач зь якім на афішах часьцяком ставяць прыстаўку “Экс-Глюкі”. І новая каманда фанатаў “Глюкаў” не расчаравала. Пераемнасьць ёсьць, але зусім нязначная, як паміж школьным і дарослым жыцьцём.

 


Akute