БАСЫ-2011: дажыць да наступнага юбілею…
Самабытны фестываль ператвараецца з галоўнай музычнай падзеі Беларусі ў лакальную польскую тусоўку.
22-23 ліпеня ў польскім Гарадку адбыўся 22-гі фестываль “Басовішча”.
Арганізацыя “Басовішча” ў гэтым годзе была слабай. Але тыя, хто прыязжаў на фестываль апошнія 2 разы, былі да гэтага гатовы. Беларусаў было няшмат. Праблемы з візамі, якія раней дапамагалі вырашаць арганізатары, незразумелы склад выступоўцаў, адсутнасць хоць нейкай папярэдняй рэкламы ў Беларусі.

Былі часы, калі для ўдзелу ў “Басовішчы” гурты перакладалі ўвесь свой трэк-ліст на беларускую мову. Цяпер жа арганізатары не ў сілах назбіраць якасных гуртоў на два канцэртныя дні. Бясконцыя эксперыменты толькі забіваюць цікавасць да самой падзеі. Але няхай свае памылкі выпраўляюць самі арганізатары. Я ж устаўлю свае пару словаў як звычайны глядач.

На першы дзень не трапіў. Як і гурт ТТ-34. Кажуць, што ў аднаго з музыкаў тэрмін дзеяння пашпарту скончыўся 3 гады таму. Казалі нібыта адзін з “тэтэшнікаў”, як паспраўдны рокер, заўважыў гэта за 2 дні да паходу ў амбасаду. Замену хутка знайшлі – бярозаўскія хлопцы з “B.N.” аказаліся побач. Яны выступалі ў першы дзень, на якім мяне не было. Але не думаю, што яны здзівілі нечым новым. У першы ж дзень выступалі і магілёўцы з AKUTE. Вось на іх можна было і паглядзець. Стас і Рома абяцаюць восенню выпусціць новы альбом. Першы альбом “Дзевачкі і космас” выйшаў меней 2 месяцаў таму.

Пра музычную частку асабліва сказаць і нечага. Раней фестываль адкрываў імёны, а пераможцы конкурсу маладых гуртоў гарантавана станавіліся аб’ектам абмяркоўвання крытыкаў і меламанаў. Цяпер праходзіць 3 дні і на беларускіх сайтах пра фестываль з’яўляецца толькі маленькая нататка “гран-пры “Басовішча” не атрымаў ніхто”.
23 ліпеня з надвор’ем не пашанцавала. Здавалася дождж і холад адлюстроўвалі тое, што адбывалася на сцэне. А там “прафесійныя” музыкі спаборнічалі, хто даўжэй настройваецца.
Вялікая ўвага была прыкавана да ўкраінска-беларускага дуэту DakhaBrakha& PortMone. Больш-менш атрымалася. Дзякуючы ўкраінцам нефарматныя сумныя матывы Port Mone загучалі па-новаму.

У той самы час у намётавым мястэчку праходзіў альтэрнатыўны канцэрт. Напрыклад, з удзельнікамі гродненскага “Кальяна” – ветэранаў “Басовішча”. Упершыню гродненцы выступілі ў Гарадку ў 1997 годзе, а ў 1998 – перамаглі ў конкурсе маладых гуртоў. Цяпер Саша з “Кальяна” радаваў нешматлікую, але ідэйную публіку песнямі з апошняга альбома.
Яшчэ больш громка паблізу намётавага мястэчка гучалі ляпісаўскія “Зорачкі” і “Грай”.
Неяк адцягнуць ад сваіх спраў і сабраць народ вакол сцэны атрымалася ў “Нейрадзюбеля”. Бо люблю. Пра іх нічога пісаць не буду – нават праз 22 года існавання гурт не страчвае юнацкага драйва.
Больш цяжкім хэдлайнерам арганізатары чамусьці пілічылі IQ48. На аматара.
Оргі БАСоў, як і некаторыя вядучыя нагаварылі шмат словаў накшталт “ўзровень павышаецца, фестываль развіваецца і расце”. Але як у відавочца таго, што адбывалася на сцэне, у мяне з’явілася адваротнае ўражанне. Калі пасля 20-х БАСоў тагачасныя арганізатары пажартавалі, што на юбілей запросяць U2, то некаторыя нават паверылі. Цяпер жа складана ўявіць, якім сустрэне фестываль сваё 25-годдзе. І ці сустрэне ўвогуле…


Harmon
Фота: Вячаслаў Радзіонаў Ultra-Music.com










Комментарии
Отправить комментарий